Асаблівасці скланення прозвішчаў у сучаснай беларускай мове
Асноўныя цяжкасці і памылкі ва ўжыванні беларускіх прозвішчаў звязаны ў першую чаргу з адказам на пытанне: скланяецца ці не скланяецца тое ці іншае прозвішча? У адрозненне ад агульных назоўнікаў, у аснове скланення якіх ляжыць паняцце граматычнага роду (мужчынскі, жаночы, ніякі), родавая прыналежнасць прозвішчаў вызначаецца полам іх носьбіта (мужчынскі і жаночы). Гэтым абумоўлена адсутнасць ніякага роду ў скланенні прозвішчаў.
Не скланяюцца:
- мужчынскія і жаночыя прозвішчы, суадносныя з назоўнікамі ніякага роду: Масла, Века, Скрабло, Калена;
- прозвішчы на націскны галосны: Крыўко, Галаўко, Ралько, Кралько;
- прозвішчы на -ых(-іх): Мялкіх, Чарных, Фаміных.
? Якія прозвішчы скланяюцца, калі яны належаць мужчынам, і не скланяюцца, калі іх носьбітамі з’яўляюцца жанчыны?
Да такога тыпу прозвішчаў адносяцца:
- прозвішчы, якія заканчваюцца на зычны і -й: Бусел, Гусак, Галай, Козел, Дзяргай: Нячай — Р. і В. с. Нячая — Д. с. Нячаю — Т. с. Нячаем — М. с. пры Нячаю, але Ганна Нячай, Ганны Нячай, Ганне Нячай;
- прозвішчы, якія паходзяць ад уласных асабовых імёнаў і мянушак на зычны і -й: Ахрэм — Р. і В. с. Ахрэма — Д. с. Ахрэму — Т. с. Ахрэмам — М. с. пры Ахрэму, але Людміла Ахрэм, Людмілы Ахрэм, Людміле Ахрэм;
- прозвішчы на -іч(-ыч), -овіч(-евіч): Зініч — Р. і В. с. Зініча — Д. с. Зінічу — Т. с. Зінічам — М. с. пры Зінічу, але Марыя Зініч, Марыі Зініч, Марыяй Зініч; Хіневіч — Р. і В. с. Хіневіча — Д. с. Хіневічу — Т. с. Хіневічам — М. с. пры Хіневічу, але Ірына Хіневіч, Ірыны Хіневіч, Ірыне Хіневіч;
- прозвішчы на мяккі зычны, суадносныя з назоўнікамі мужчынскага роду: Кісель, Мазоль, Матыль, Свірасцель: Матыль — Р. і В. с. Матыля — Д. с. Матылю — Т. с. Матылём — М. с. пры Матылю, але Антаніна Матыль, Антаніны Матыль, Антаніне Матыль;
- прозвішчы неапелятыўнага паходжання на ненаціскныя -а, -я, якія суадносяцца з назвамі прадметаў: Глебка — Р. с. Глебкі — Д. с. Глебку — В. с. Глебку — Т. с. Глебкам — М. с. пры Глебку, але Ніна Глебка, Ніны Глебка, Ніне Глебка; Слесарэнка — Р. с. Слесарэнкі — Д. с. Слесарэнку — В. с. Слесарэнку — Т. с. Слесарэнкам — М. с. пры Слесарэнку, але Галіна Слесарэнка, Галіны Слесарэнка, Галіне Слесарэнка; Лабачэня — Р. с. Лабачэні — Д. с. Лабачэню — В. с. Лабачэню — Т. с. Лабачэнем — М. с. пры Лабачэню, але Святлана Лабачэня, Святланы Лабачэня, Святлане Лабачэня.
Цікава адзначыць, што ў сучаснай беларускай мове дастаткова выразна вызначаецца тэндэнцыя да скланення такіх прозвішчаў на ненаціскное -а, якія належаць асобам жаночага полу: Саўчанка — Р. с. Саўчанкі — Д. с. Саўчанку і Саўчанцы — В. с. Саўчанку — Т. с. Саўчанкам і Саўчанкай — М. с. пры Саўчанку і Саўчанцы; Аношка — Р. с. Аношкі — Д. с. Аношку і Аношцы — В. с. Аношку — Т. с. Аношкам і Аношкай — М. с. пры Аношку і Аношцы.
? Якія прозвішчы скланяюцца і набываюць склонавыя канчаткі ў залежнасці ад полу асобы?
Да такіх прозвішчаў адносяцца:
-
прозвішчы апелятыўнага пахождання, якія ўтварыліся ад назваў жывёл, птушак, іншых прадметаў, суадносных з назоўнікамі жаночага роду на г, к, х і не націскныя -а, -я (пераважна славянскага і раманскага паходжання), тыпу Чайка, Песенька, Мурашка, Зялёнка, Сядуха, Весялуха, Верашчака. Калі прозвішча належыць асобе жаночага полу з адпаведнай асновай: Зялёнка — Р. с. Зялёнкі — Д. с. Зялёнцы — В. с. Зялёнку — Т. с. Зялёнкай — М. с. пры Зялёнцы; Сядуха — Р. с. Сядухі — Д. с. Сядусе — В. с. Сядуху — Т. с. Сядухай — М. с. пры Сядусе.
Калі носьбітам прозвішча з’яўляецца мужчына, яно скланяецца як назоўнік мужчынскага роду на -а, -я з адпаведнай асновай: Зялёнка — Р. с. Зялёнкі — Д. с. Зялёнку — В. с. Зялёнку — Т. с. Зялёнкам — М. с. пры Зялёнку; Сядуха — Р. с. Сядухі — Д. с. Сядуху — В. с. Сядуху — Т. с. Сядухам — М. с. пры Сядуху.
-
прозвішчы, суадносныя з назоўнікам агульнага роду (Заіка, Ціхоня, Плакса): Заіка — Д. с. Заіцы і Заіку — Т. с. Заікай і Заікам — М. с. пры Заіцы і Заіку.
Прозвішчы апелятыўнага паходжання на ненаціскное і націскное -а, акрамя тых, якія заканчваюцца на ненаціскныя -га, -ка, -ха, скланяюцца незалежна ад полу асобы як агульныя назоўнікі жаночага роду з адпаведным тыпам асновы (Крапіва, Канапля, Мятла, Пушча, Халява): Крапіва, Пушча — Р. с. Крапівы, Пушчы — Д. с. Крапіве, Пушчы — В. с. Крапіву, Пушчу — Т. с. Крапівой, Пушчай — М. с. пры Крапіве, Пушчы.
Мужчынскія прозвішчы на -аў(-оў, -ёў, -еў), -ін(-ын) і жаночыя на -ава, -ева, -іна(-ына) скланяюцца па змешаным тыпе скланення: Кузьмін — Р. с. Кузьміна — Д. с. Кузьміну — В. с. Кузьміна — Т. с. Кузьміным — М. с. пры Кузьміну; Ільіна — Р. с. Ільіной — Д. с. Ільіной — В. с. Ільіну — Т. с. Ільіной — М. с. пры Ільіной.
У беларускіх, рускіх і ўкраінскіх двайных прозвішчах першая частка скланяецца, калі яна сама па сабе можа з’яўляцца самастойным прозвішчам: Лучыц-Федарэц — Р. с. Лучыца-Федарца — Д. с. Лучыцу-Федарцу — В. с. Лучыца-Федарца — Т. с. Лучыцам-Федарцом — М. с. пры Луцычу-Федарцу.
Памятайце! Калі ў Вашага вучня прозвішча тыпу Муха, Звяруга і яно павінна скланяцца, але гэта выклікае ў чалавека і яго блізкіх, сяброў, знаёмых негатыўную рэакцыю, то не трэба настойваць на прытрымлiваннi правілаў граматыкі.
! З гісторыі беларускіх прозвішчаў.
Прозвішчы — афіцыйныя спадчынныя сямейныя найменні — у старажытнасці былі саслоўнай прывілегіяй. На Беларусі яны ўзніклі ў XVII–XVIII ст., аднак яшчэ ў першай палове XVIII ст. не было ўстойлівых найменняў з кампанентам тыпу сучасных прозвішчаў. Многія з іх бяруць свой пачатак ад старажытных дахрысціянскіх імёнаў, якія ў XVI–XVIII ст. усё больш страчвалі функцыю імя і набліжаліся да функцыі прозвішча.
Прозвішчы ў асноўным сфарміраваліся на базе іншых антрапонімаў: уласных асабовых імёнаў (Гардзей, Конан, Міхей, Петрык, Касцюшка, Пятрашка, Аксёнчык, Аляксейчык, Фядосік, Іванюта і інш.); імёнаў-мянушак апелятыўнага паходжання (Бусел, Вечар, Гарох, Качан, Салавей, Вярба, Каляда, Баразна, Груца, Века, Масла, Скрабло, Белы, Босы, Чорны, Бяздомны, Галаваты і інш.); назваў асоб па прафесіі, занятку, сацыяльнай і нацыянальнай прыналежнасці (Алейнік, Берднік, Ганчар, Чабатар, Літвін і інш.); імёнаў па бацьку (Пятровіч, Клімовіч і інш.); назваў асоб па населеных пунктах (Пінчук, Старобінец, Кобрынскі, Слуцкі і інш.).
Тэрытарыяльна прозвішчы з рознымі суфіксамі размеркаваны неаднолькава. Прозвішчы з суфіксамі -оў, -аў, -еў, -ін(-ын) найбольш распаўсюджаны ва ўсходніх раёнах Магілёўскай вобласці (болей за 50 % усіх прозвішчаў); а ў раёнах Гродна і Ліды іх зусім няма. Прозвішчы з суфіксамі -овіч(-авіч), -евіч(-эвіч) максімальна пашыраны ў раёнах Вілейкі, Бягомля (больш за 50 %), па меры аддалення ад гэтых тэрыторый іх колькасць змяншаецца. Прозвішчы з суфіксамі -ук(-юк), -чук сканцэнтраваны на Кобрыншчыне (болей за 50 %), а з суфіксамі -ёнак(-онак) — на Паўднёвым Усходзе Мінскай вобласці.
! Гэта цікава!
Прозвішчы з’яўляюцца своеасаблівым сродкам у мастацкім тэксце, яны дапамагаюць стварыць рэгіянальны каларыт падзей, яскравей увасобіць ідэйную задуму аўтара. Ён прыдумвае персанажам твора прозвішчы з мэтай іх больш глыбокай характарыстыкі. У такіх прозвішчах семантыка ўтваральнай асновы падказвае чытачу некаторыя рысы іх носьбітаў. Гэты прыём дазваляе аўтару яшчэ да раскрыцця сутнасці персанажа даць яму мікрахарактарыстыку ці падкрэсліць нейкую яго асаблівасць. Напрыклад, Дунін-Марцінкевіч вынайшоў прозвішчы для прастаўнікоў афіцыйных улад са станоўчай ацэнкай — маршалак Пачціўскі (ад слова «пачцівы»), суддзя Сакальніцкі («чалавек з сакаліным вокам») і адмоўнай ацэнкай — станавы прыстаў Кручкоў (робіць розныя «кручкі», каб вымагчы хабар), пісар Пісулькін (вядзе малазначныя «запісы», «пісулькі» — ад здзеклівай афарбоўкі слова «пісаць»). Трапна карыстаецца «гаворачымі» прозвішчамі Кандрат Крапіва: хутаранін Ваўчэцкі, пан Скнарэцкі, прайдзісвет Гарлахвацкі, сумленны, але палахлівы Туляга, прыстасаванец Жлукта. Майстар матываваных прозвішчаў і Кузьма Чорны, хоць да гэтага прыёму ён звяртаўся не часта: рэгістратар папер Чарнілюк, Чыстапіс, рэпарцёры Ганарарны, Пастрочны, шляхцічы Свінацяробскі, Падхвастовіч, Парасяціч. Эфект парадыйнай характарыстыкі ў падобных выпадках грунтуецца на наўмысным ажыўленні значэння апелятыўнай утваральнай асновы прозвішча. Навука, якая займаецца вывучэннем такіх прозвішчаў называецца паэтычнай антрапаніміяй.