«Не хачу рабіць урокі!»
Бацькоўскі сход
Задачы:
1. Выявіць праблемы ўзаемадзеяння бацькоў з дзецьмі па пераадоленні цяжкасцей у навучанні.
2. Пашырыць аб’ём ведаў бацькоў аб формах і метадах рашэння праблем, што ўзнікаюць з дзецьмі.
3. Адпрацаваць з бацькамі выхаваўчыя і псіхалагічныя прыёмы падтрымкі вучэбнай дзейнасці дзіцяці.
4. Выпрацаваць сумесную праграму дзеянняў па стымуляванні пазнавальнай дзейнасці вучняў.
Форма правядзення: гутарка.
Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя, буклеты для бацькоў.
1. Уводзіны ў тэму сходу.
Слайд 1.
Эпіграф: «Якімі дзеці нараджаюцца, гэта ні ад каго не залежыць, але каб яны шляхам правільнага выхавання зрабіліся добрымі — гэта ў нашай уладзе » (Плутарх).
— Вучоба ў школе, выкананне хатніх заданняў — сур’ёзная праца. Што такое хатняе заданне, вядома ўсім бацькам. Некалькі пакаленняў школьнікаў хатняе заданне называюць «дамашкай». «Дамашка» — на думку некаторых, гэта тое, што перашкаджае бедным дзецям вольна дыхаць пасля заканчэння школьных заняткаў.
Навошта ж столькі пакаленняў настаўнікаў настойваюць на выкананні хатняга задання і з-за чаго столькі пакаленняў няшчасных школьнікаў імкнуцца пазбегнуць гэтай «горкай долі»? Пытанне вельмі актуальнае. Таму і тэма нашага сходу невыпадкова гучыць так: «Не хачу рабіць урокі!» (слайд 2).
2. Уступнае слова.
— Вучоба нашых дзяцей — гэта тое, што суправаджае ваша, паважаныя бацькі, жыццё на працягу доўгага часу і ў чым вы (у рознай ступені, вядома) абавязкова ўдзельнічаеце.
Слайд 3.
Звычайна ўсіх дзяцей школьнага ўзросту можна падзяліць умоўна на тры групы.
Слайд 4.
Першая група — дзеці, якія любяць рабіць урокі («іншапланецяне»).
Слайд 5.
Другая група — дзеці, якія не любяць рабіць урокі, але адказныя і арганізаваныя.
Слайд 6.
Трэцяя група — дзеці, умоўна лайдакі і гультаі, у якіх пры словах «рабі ўрокі» пачынаецца цэлы шэраг балючых адчуванняў. Але пасля няроўных баёў урокі ўсё-такі робяць.
Слайд 7.
І апошняя, «невядомая навуцы», група дзяцей, якія з зайздросным пастаянствам не выконваюць урокі. Прычыны — невядомыя.
Псіхолагі ўпэўнены: большасць няўдачнікаў патэнцыйна здольныя, але іх здольнасці не атрымалі развіцця па розных прычынах. Верагодна, адной з такіх прычын з’явілася няўменне (а часам і нежаданне) бацькоў своечасова аказаць падтрымку свайму дзіцяці ў вучэбнай дзейнасці.
Слайд 8.
Бацькі — галоўныя «праекціроўшчыкі, канструктары і будаўнікі» асобы дзіцяці. Вось чаму важна ведаць, наколькі паспяхова мы спраўляемся з такой складанай роляй.
Слайд 9.
Сёння паспрабуем даць адказ на наступныя пытанні:
- Чаму дзіцяці цяжка вучыцца?
- Ці ёсць нейкія тлумачэнні гэтаму, акрамя ляноты, неарганізаванасці?
- Як дапамагчы дзіцяці вучыцца?
Хатняе заданне трэба для таго, каб і нядбайныя, і вельмі ўседлівыя вучні замацавалі новыя веды, патрэніраваліся ў выкананні простых і складаных заданняў, праверылі сябе. Яно неабходна, таму што развівае навыкі самастойнай працы. А не любяць школьнікі «дамашку» таму, што, выходзячы за межы класнага пакоя, імкнуцца вызваліцца ад школьнага «ТРЭБА».
Слайд 10.
Прычыны.
- дзіцячае «цяжка!»;
- жаданне прыцягнуць да сябе ўвагу дарослых;
- папушчальніцтва ў выхаванні.
3. Парады бацькам.
У маленькага школьніка павінна быць сфарміравана звычка да няўхільнай і сістэматычнай падрыхтоўкі ўрокаў. Звычка займацца і займацца добрасумленна павінна стаць другой натурай малога чалавека. Кажучы пра звычку, я маю на ўвазе наступнае. Як бы ні вабіла добрае надвор’е за акном, якая б цікавая перадача не ішла па тэлевізары, якія б госці не прыйшлі да вас, карацей кажучы, што б ні здарылася, — урокі павінны быць зроблены заўсёды і зроблены добра. Апраўдання невыкананасці ўрокаў няма і не можа быць. Гэта неабходна зразумець школьніку з першых дзён заняткаў.
Першае правіла — час з 15.00 да 17.00.
Слайд 11.
Залатое правіла: ператварыць выкананне хатніх заданняў у штодзённы рытуал, які адбываецца ў пэўны час, у адным і тым жа месцы.
Слайд 12.
Другое правіла: даць дзіцяці зразумець, што ўрокі — гэта яго справа, бо вучыцца ён не для мамы з татам і не дзеля бабулі з дзядулем.
У пытанні падрыхтоўкі ўрокаў жорстка прытрымвайцеся прынцыпу «адзінай альтэрнатывы» — УРОКІ РАБІЦЬ!!!
Слайд 13.
Правільна робяць тыя бацькі, якія з пачатку школьнага навучання даюць дзіцяці зразумець, што па сваёй важнасці ўрокі знаходзяцца на адным узроўні з самымі сур’ёзнымі справамі, якімі занятыя дарослыя.
Слайд 14.
Ці патрэбны дарослы?
Дзіцяці неабходна ведаць, што дарослыя прысутнічаюць не для таго, каб за яго рабіць урокі. Вы можаце разам паглядзець, што зададзена, спланаваць працу, дапамагчы яе пачаць і... заняцца сваімі справамі, удакладніўшы, што будзеце побач, калі яму спатрэбіцца дапамога.
Дапамога бацькоў.
Слайд 15.
1. Калі ў вас няма магчымасці быць побач кожны дзень, дамоўцеся аб правілах выканання хатніх заданняў. Напрыклад, дзіця самастойна робіць чытанне і простыя практыкаванні, а вы, вярнуўшыся з працы, праверыце зробленае і будзеце побач, пакуль ён даробіць астатняе.
Слайд 16.
2. Не варта сядзець з дзіцём і сачыць за кожным рухам яго рукі. Кантралюючы любы крок дзіцяці, мы пазбаўляем яго магчымасці стаць самастойным, здымаем з яго адказнасць. Менавіта таму так шмат 11–12-гадовых дзяцей не ўмеюць рабіць урокі без удзелу дарослых.
Слайд 17.
3. Не прымушайце дзіця перапісваць усё, калі ў працы выявіліся нейкія непрынцыповыя памылкі. Проста навучыце яго акуратна іх выпраўляць ва ўжо выкананым заданні.
Слайд 18.
4. Няма нічога горш за проста механічнае перапісванне. На чарнавіку можна патрэніравацца ў напісанні асобных літар і слоў, рашыць задачу. Але не трэба, напрыклад, выконваць усё практыкаванне па рускай мове, каб потым перапісваць яго ў сшытак.
Калі вы вырашылі дапамагаць дзіцяці ў падрыхтоўцы хатніх заданняў, варта назапасіцца цярпеннем і выдумкай, каб ператварыць занятак не ў пакутлівую працэдуру, а ў займальны спосаб зносін і пазнання, які прыносіць сапраўднае задавальненне і карысць дзіцяці і вам. Каб палегчыць вашу місію, паслухайце асноўныя правілы арганізацыі індывідуальнай дапамогі дзіцяці дома, якія здольныя прынесці яму сапраўды карысць, а не шкоду.
Слайд 19.
1. Выконвайце хатнія заданні разам з дзіцём, а не замест яго.
2. Выконвайце з дзіцём толькі тое, што было зададзена ў школе. Не варта перагружаць школьніка дадатковымі заданнямі. Жыццё дзіцяці не павінна складацца толькі са школьных заданняў.
3. Працуйце спакойна, без «нерваў», папрокаў, вымоваў.
4. Ніколі не пачынайце з цяжкіх заданняў, ускладняйце заданні паступова.
5. Ускладняйце заданні толькі тады, калі паспяхова выканалі папярэднія.
6. Калі неабходна ўнесці карэктывы па ходзе працы, рабіце гэта неадкладна, таму што дзіця можа «завучыць» памылку. Але пазбягайце слоў «ты робіш не так» — гэта няправільна.
7. Для таго каб ваша праца з дзіцём была больш эфектыўнай, яна павінна быць сістэматычнай, але непрацяглай.
4. Вынік бацькоўскага сходу.
— Мы сёння пераканаліся, што прычын нежадання рабіць урокі вельмі шмат. Даведацца пра гэтыя прычыны і пазбавіцца ад іх можна толькі пры падтрымцы педагогаў і бацькоў. Кожнае дзіця ўнікальнае. У дапамогу вам распрацаваны памяткі «Як дапамагаць дзіцяці ў падрыхтоўцы хатняга задання».
Хочацца дадаць самае галоўнае: любіце сваіх дзяцей! Патрэба ў любові — гэта адна з самых галоўных чалавечых патрэб. Гэта значыць, што чалавеку важна адчуваць, што ён камусьці патрэбны.
5. Рашэнне бацькоўскага сходу.
1. Вучыць дзіця самастойна выконваць хатняе заданне і правільна ацэньваць вынікі сваёй дзейнасці.
2. Выкарыстоўваць падрыхтаваныя памяткі для найбольш рацыянальнай пабудовы працы з дзецьмі па падрыхтоўцы ўрокаў.
3. Аказваць дапамогу дзецям пры ўзнікненні сур’ёзных цяжкасцей у выкананні хатніх заданняў.
4. Не скупіцца на пахвалу. Ставіць сумесна з дзіцём рэальна дасягальныя навучальныя мэты.